СТРО́ГАНАЎСКАЯ ШКО́ЛА,

стылістычны кірунак у рус. іканапісе канца 16 — пач. 17 ст. Назва ад прозвішча купцоў Строганавых, для якіх былі напісаны шматлікія абразы. Абразы С.ш. вылучаюцца невял. памерамі, мініяцюрнасцю, філіграннасцю пісьма, складанасцю кампазіцыі, фантастычнасцю пейзажных фонаў, грацыёзнай вытанчанасцю поз і жэстаў, сакавітай, шчыльнай колеравай гамай, узмоцненай актыўным выкарыстаннем золата і серабра. Большасць іх стваралася маскоўскімі царскімі іканапісцамі. Сярод майстроў П.​Чырын, Е.​Масквіцін, Істома, Назарый і Нікіфар Савіны.

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)